Замаўляйце вышыванкі па тэлефонах 8 (044) 588-69-46, 8 (029) 119-41-75, 8(017) 223-57-06

Арнамент

Арнамент перакладаецца з лацінскай мовы як упрыгожанне. На беларускай мове вышыўка арнаментам мае некалькі назваў: штабнаванне, гафтаванне, вышыванне, рубкаванне, сакаленне.

Вышыванне развіваецца ад простых злучальных швоў, выпрацоўваюцца спосабы іх маскіравання і ўпрыгожвання. Так фарміруецца  канструктыўна-кампазіцыйнае пастраенне вопраткі – строй.

Вышыты арнамент нясе на сабе і сэнсавы складнік. Перадусім гэта абярэжныя функцыі, а таксама і сацыяльна-статусныя знакі.

Беларускі  арнамент мае геаметрычную аснову. Галоўным элементам з’яўляецца ромб, што абумоўлена спосабамі вышывання і ткацкімі прыладамі. Тэхніка ткацтва, распаўсюджанага на Беларусі, не дазваляе утварыць на тканіне кола, замест яго атрымоўваецца ромб. Аднак да нашых дзён майстрыхі называюць гэты элемент колам – “круг” або “вочка”. Адваротнае ўтварэнне ромба спараджае крыж. Гэтая дваічная сістэма беларускага арнамента дае нам бясконцае мастацкае багацце матываў, дазваляе “запісваць” светапогляд, ідэнтыфікаваць свае нацыянальныя асаблівасці.

Спалучэнне розных элементаў утварае некалькі арнаментальных кампазіцый, што выкарыстоўваюцца ў беларускіх строях. Самая распаўсюджаная – бардзюр, “нашыванне радком”, “сцежка”,”лавачка”.  Яшчэ адзін спосаб фарміравання кампазіцыі вышыўкі – сетка. Найбольш ён характэрны для афармлення  рукавоў у жаночых кашулях некаторых  рэгіёнаў Палесся. Найбольш позні  варыянт – разетка. Гэта кампазіцыя з цэнтральным рапортам: “цвет”, “зорка”, “рагулька”.