Замаўляйце вышыванкі па тэлефонах 8 (044) 588-69-46, 8 (029) 119-41-75, 8(017) 223-57-06

«Elen Carotte»: мы не ствараем моду – мы ўводзім культуру

o_logo-argumenty-i-fakty

На ідэі жывога ўспрымання сваёй гісторыі і культуры заснаваны праект «Майстэрня Elen Carotte», які ставіць сваёй мэтай вывучэнне і развіццё нацыянальнага адзення.

90a4e431326453796aac0fb2a0e54ce0_XL

Шмат хто з нас успрымае гісторыю як музейны  экспанат.  Вось адбылася пэўная падзея, і цяпер яе можна спакойна ацэньваць, шукаць прычыны і разглядаць наступствы. Але насамрэч гістарычныя і культурныя працэсы – гэта дынаміка жыцця, тое, што адбываецца з намі цяпер і тут. Пасля і нашыя ўчынкі будуць аналізаваць нашчадкі ў падручніках.

carotte-logo

На ідэі жывога ўспрымання сваёй гісторыі і культуры заснаваны праект «Майстэрня Elen Carotte», які ставіць сваёй мэтай вывучэнне і развіццё нацыянальнага адзення. Яго стваральніцы Алёна Маркоўка і Наталля Кажушкова, спецыялісты ў галіне канструявання адзення з 25-гадовым стажам, захапіліся народным строем ужо даўно.

«Калі мы пачалі працаваць з беларускім арнаментам і традыцыйным строем,  – расказваюць яны, – ідэя развіцця нацыянальнага касцюма стала лагічным працягам. Бо кожнае слова павінна быць напоўнена сэнсам. А калі мы гаворым пра «беларускі народны касцюм», то словазлучэнне павінна стаць рэальным: касцюм жыве са сваім народам, а народ жыве ў нацыянальным строі, і абодва яны мусяць быць беларускімі. Большасць нацый (і мы таксама) заклапочаны менавіта захаваннем зафіксаванага на пэўны момант нацыянальнага адзення. Мабыць, толькі кітайцы актыўна прасоўваюць свой нацыянальны каларыт ў фэшн-індустрыю, ды скандынаўскія «сняжынкі-алені» на швэдрах і шаліках абышлі свет ужо неаднойчы».

carotte-01

 

Такая фэшн-адметнасць ва ўмовах глабалізацыі можа стаць неблагім прадуктам на міжнародным рынку. Напрыклад, канструктыўная школа Мюлера карыстаецца папулярнасцю ў свеце менавіта з-за сваёй спрошчанасці, але мае адмоўныя рысы, бо сістэма абстрактная, не прыстасаваная да канкрэтнай фігуры. А наш народны строй настолькі эрганамічны, адаптаваны да патрэбаў чалавечага цела і псіхікі, так тэхналагічна выкшталцоны, што ягоныя ўнутраныя канструктыўныя ды тэхналагічныя прынцыпы могуць утварыць дызайнерскую школу сусветнага ўзроўню. Больш за тое,«Elen Carotte» ужо мае методыку стварэння такой нацыянальнай школы канструявання  і працуе згодна з ёю. Рэакцыя замежных спажыўцоў ясна дае зразумець – гэта цалкам дасягальная мэта.

У свеце амаль ніхто не займаецца менавіта развіццём свайго нацыянальнага адзення (з розных прычынаў). Нам дасталася спадчына, якую можна смела лічыць тэхналагічным шэдэўрам, якая настолькі пластычная і мае такі высокі патэнцыял, што можа цалкам інтэгравацца ў любыя ўмовы з нязначнымі зменамі, і прытым заставацца выразна беларускай.

carotte-02

 

«Майстэрня Elen Carotte» з’яўляецца вынаходнікам і распрацоўшчыкам этна-дзелавога стылю. Нідзе болей у свеце этнічна-гістарычны касцюм не выкарыстоўваецца ў сучасным адзенні ў поўнай меры. Стыль, прапанаваны «Elen Carotte», дазваляе спалучыць класічны дрэс-код і этнічную адметнасць. Гэта найбольш перспектыўны напрамак для папулярызацыі нацыянальнага адзення ў паўсядзённым жыцці. Ён закранае і адзенне для офіса, і спецадзенне, і школьную форму. Нацыянальную школьную форму майстэрня прадстаўляе ўжо некалькі гадоў запар на Беларускім тыдні моды. Прадукт добра падрыхтаваны і адпавядае патрэбам і школьнікаў, і бацькоў, і настаўнікаў. Тут і патрыятычнае выхаванне, і экалагічнасць, бо ўся вопратка выканана з натуральных матэрыялаў.

carotte-05

Асобна трэба адзначыць бюджэтнасць, бо канструктыўная асаблівасць формы ад«Майстэрні Elen Carotte» – сістэма «форма расце разам з дзіцем».  Гэты эфект дае магчымасць рэгуляваць форму ў гарызантальным (па памеры)  і вертыкальным (па росце) напрамках. Такім чынам, дасягаецца выдатная пасадка па фігуры для кожнага вучня, а таксама ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці дзяцей і падлеткаў, якія растуць нераўнамерна.

Адзначым, што «Elen Carotte» працуе выключна з натуральнымі матэрыяламі, уласцівымі нашай мясцовасці. Найперш гэта лён – яшчэ адзін падарунак мінуўшчыны, цудоўны матэрыял, які мае незвычайныя ўласцівасці. Усе ведаюць, што ў спёку лён – самая прыдатная вопратка, бо ў ёй не горача. Але лён яшчэ і ў прахалоднае надвор’е захоўвае цяпло чалавечага цела, гэта прыродны антысептык, гіграскапічны і даўгавечны. Не апрацаваны хімічна лён утрымлівае крэмній і селен, таму ільняная вопратка і бялізна надзвычай карысныя для чалавечага арганізму: яны аказваюць седатыўны эфект наўпрост праз скуру. Менавіта з гэтай прычыны майстэрня прапануе дзеткам паўсядзённыя кашулькі з нябеленага, «шэрага» лёну, упрыгожаныя лёгкай вышыўкай.

carotte-04

Арнамент  у  «Elen Carotte» распрацоўваецца адмыслова для розных мадэляў. Гэта аўтарскі варыянт вышыўкі, заснаваны на «цытатах» традыцыйнага арнаменту.

Беларускі  арнамент мае геаметрычную аснову. Галоўным элементам з’яўляецца ромб, што гістарычна абумоўлена спосабамі вышывання і ткацкімі прыладамі. Тэхніка ткацтва, распаўсюджанага на Беларусі, не дазваляе ўтварыць на тканіне кола, замест яго атрымоўваецца ромб. Аднак да нашых дзён майстрыхі называюць гэты элемент колам –«кругам» або «вочкам». Адваротнае ўтварэнне ромба спараджае крыж (кола немагчыма вывернуць вонкі, а з «вывернутага» ромба  атрымоўваецца крыж). Гэтая дваічная сістэма беларускага арнаменту дае нам бясконцае мастацкае багацце матываў, дазваляе «запісваць» светапогляд, ідэнтыфікаваць свае нацыянальныя асаблівасці.

carotte-03

«Мы карыстаемся значэннем арнаменту, які зразумелы і лагічна абумоўлены, — расказваюць Алена і Наталля. – Вось, напрыклад, сонейка, кола з праменьчыкамі, як яго малююць дзеці, такі элемент і ў традыцыйным значэнні чытаецца сонцам. А вось зямля – кола з праменьчыкамі ўнутр, таксама зразумелы вобраз і для нас, сучасных людей. Вясною сонца сагравае зямлю, значыць знак «зямля» памяшчаецца ў «сонца» – і вось ён «пачатак жыцця»! Каласок падобны да каласка, маленькі ромбік падобны на семку-зярнятка, шмат зярнятак, сабраных у некалькі колаў – знак хлеба (кожная гаспадыня, якая пячэ бліны, можа прачытаць гэты знак). З такіх падставовых вобразаў і«запісваецца» арнамент».

У планах майстэрні некалькі лініяў вопраткі, адаптацыя верхняга адзення беларусаў да гарадскіх умоваў, мужчынскі класічны касцюм з нацыянальнай адметнасцю, сувенірная прадукцыя.

«Мы не ствараем моду – мы ўводзім культуру нацыянальнага адзення ў сучаснае паўсядзённае жыццё. Гэты працэс мае вялікі патэнцыял, – упэўнены майстрыхі. — Натуральнасць, якасць, стыль – вось што зробіць беларускі прадукт каштоўным для саміх беларусаў. Наша задача – даць магчымасць ганарыцца сваім, каб кожны мог адчуць сябе творцам гісторыі, бо заўтрашні дзень фарміруецца ў гэты момант, цяпер і тут».

http://www.aif.by/vybor/moda/item/49286-carotte.html